Паддубскі У.М. Курсы фізікаў у Альхоўцы

Паддубскі У.М. Курсы фізікаў у Альхоўцы // Фiзiка: праблемы выкладання. – 2003. – № 4. – С. 120-125.

Вось і скончыўся яшчэ адзін навучальны год, і настаўнікі пайшлі на летні адпачынак. Але для многіх з фізікаў гэты час стаў асабліва прыемным, бо была магчымасць паехаць на курсы ў Альхоўку.

Патлумачу для тых, хто яшчэ не быў — гэта метадычны летнік настаўнікаў фізікі, які праводзіцца ў вёсцы Альхоўка Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Але для тых, хто тут пабываў хоць раз — гэта сапраўдная фізічная Мекка, якая прыцягвае да сябе мацней, чым прыцягваюцца пратоны да нейтронаў у ядры атама. Гэта месца, якое пранізана паветрам творчасці, генерацыі і рэалізацыі самых свежых педагагічных ідэй.

Тэма Альхоўкі-2003, якая дарэчы праводзілася ў чатырнадцаты раз, — «Інтэгральная тэхналогія вучэбна-выхаваўчага працэсу (ІТВВП)». Гэта — аўтарскі курс стваральніка і кіраўніка летніка, загадчыка кафедры педагогікі АПА Мікалая Іванавіча Запрудскага.

Праграма курсаў была падзелена на пяць дзён, на працягу якіх вывучаліся навуковыя падставы і прынцыпы ІТВВП; дыдактычныя канструкцыі тэмы і асобных урокаў у рамках тэхналогіі; методыка аналізу ўрокаў, якія праводзяцца ў ІТВВП; праектаванне і прымяненне тэхналогіі ў школе.

Адчуць эфектыўнасць гэтай тэхналогіі змаглі асабіста на сабе ўсе ўдзельнікі летніка, таму што яе вывучэнне было арганізавана па той жа схеме, што і навучанне вучняў па інтэгральнай тэхналогіі. Гэта быў сапраўдны трэнінг. На кожных занятках праводзіліся ўваходны і выхадны кантроль, настаўнікамі распрацоўваліся ўводныя ўрокі, урокі вывучэння новага матэрыялу, арыенціровачныя схемы з «белымі плямамі», спісы пытанняў да заліку, тэматыка сачыненняў, праектаў і рэкамендацыі вучням, тэксты кантрольных работ, дыдактычныя канструкцыі тэм, вызначаліся модулі і іх напаўненне і г.д. Больш падрабязна н грунтоўна пазнаёміцца з інтэгральнай тэхналогіяй можна будзе ў кнізе М.І.Запрудскага «Современные образовательные технологii», якая павінна да пачатку навучальнага года выйсці ў выдавецтве «Сэр-Внт».

Яшчэ адзін фактар, які дапамагаў паспяхова авалодваць тэхналогіяй, — гэта незвычайнасць аудыторыі, у якой праходзілі заняткі. Яна размясцілася пад адкрытым небам, у цудоўным сасновым лесе, на беразе маляўнічага возера, па крышталёвай паверхні якога плавалі беласнеж-ныя лебедзі. Класная дошка была прымацавана да дрэў, сталы зроблены з падручных матэрыялаў. Адзіная праблема — камары, якім вельмі спадабаліся настаўнікі фізікі, але гэтая «дробязь», у прамым і пераносным сэнсе слова, так і не змагла нікому істотна перашкодзіць.

Пасля абеду праводзіліся факультатыўныя заняткі па наступных тэмах: «Новыя праграмы і падручнікі па фізіцы» (Н.П.Гаравая), «Рашэнне задач» (А.М.Гадлеўская), «10-бальная сістэма ацэньвання» (С.В.Дзюбенка), «Цэнтралізаванае тэсціраванне» (В.В.Такарская). Хочацца падзякаваць усіх, хто праводзіў гэтыя заняткі, таму што прайшлі яны вельмі цікава, дынамічна, мелі вялікі адукацыйны эффект, але на жаль хутка- скончваліся.

Вучэбныя заняткі — гэта толькі адзін бок Альхоўкі. Другі яркі, яскравы і прывабны — гэта розныя спаборніцтвы, конкурсы, канцэрты і іншага мерапрыем-ствы, якія праводзіліся ў вячэрні час.

Пазаўрочныя мерапрыемствы пачаліся з фізічна-спартыўнай паласы перашкод. Так, так, менавіта фізічна-спартыўнай, таму што для яе паспяховага праходжання трэба добра ведаць свой прадмет, праявіць кемлівасць, умець нестандартна мысліць. Галоўная мэта паласы перашкод — аб'яднаць каманду, сплаціць яе, адчуць плячо таварыша і цвёрда верыць — ты надзейна абаронены, цябе падтрымаюць сябры. А як жа інакш, калі табе трэба падаць з мятровай вышыні спіной наперад на рукі тваіх партнёраў, якія стаяць унізе? (Думка, «зловяць ці не», не узнікае, хаця некаторым мініяцюрным дзяўчатам прышлося лавіць васьміпудовых мужчын.) За абмежаваны час патрэбна было рашыць даволі складаную фізічную задачу. А ці лёгка прайсці ўтраіх адначасова, з завязанымн вачыма праз вузенькі вяровачны лабірынт, ні разу да яго не дакрануўшыся, слухаючы парады аднаго з удзельнікаў каманды, якія выклікалі вельмі смешныя каментарыі і парады гледачоў? Такую цікавую паласу прыдумаў Мікалай Запрудскі. Перамагла каманда першагодкаў «Птушаняткі», якая па словах аднаго з удзельнікаў, так старалася, што часам аж «выскоквала са штаноў».

У наступны дзень адбылося не менш цікавае мерапрыемства — начное арыентаванне. Кожнай камандзе трэба было знайсці пяць пікетаў, схаваных у лесе і на возеры, выкарыстоўваючы толькі карту, компас, ліхтарык і інтуіцыю. Але апошняе ў каманд хутка адабралі, бо калі ў начным лесе табе пад ногі нечакана з крыкам выкатваецца адзін з пікетчыкаў ці хапае цябе за нагу, то акрамя неапісальнага жаху ды застыўшага на губах крыку, унутры не застаецца нічога. Але прайсці пікеты — гэта адно, а знайсці на фінішы схаваны прадмет — гэта зусім другое, тым болын ніхто не ведае, што гэта такое. Прыкладна праз паўгадзіны прачосвання лесу і кустоў ён быў знойдзены. I як звычайна бывае з добра схаваным прадметам, ён знаходзіўся на самым бачным месцы, — унутры класнага стала. Пераможца конкурсу — каманда першагодкаў «Птушаняткі» (асаблівая ўдзячнасць Алене Гаўруковіч, якая не толькі знайшла месца сховішча, але і выцягнула прадмет).

Важная падзея, якую чакалі ўсе альхоўцы, — гэта кацільён. Ён праводзіцца як своеасаблівы баль-маскарад, дзе кожны ўдзельнік летніка выбірае сабе ролю, імя, рыхтуе адпаведны строй, робіць макіяж. Свята мела ха-рактэрныя беларускія рысы, бо курсы ў летніку праводзіліся па мадыфікаванай на Беларусі інтэгральнай тэхналогіі. Па сюжэце да вядучай Алі Шалудзяковай завітаў у госці амерыканец спадар Футра (Анатоль Шуба). А астатнія наведвальнікі вельмі хацелі спадабацца амеры-канцу, каб наведаць Амерыку. Галерэя вобразаў была шырокая і разнастайная. Гэта і чырвонаармеец Сухаў з рэдкімі музейнымі экспанатамі, і цікаўныя вясковыя спадары і кабеты (асабліва ў выкананні Наталлі Лазарэнка, Леаніда Апанасевіча, Ларысы Чыгір і інш.), і «прадажны» бацька з навамоднай дачкой, і вельмі галодныя, а таму дзікія сіроткі, і прадстаўнікі французскай аўкцыённай кампаніі. Але менавіта мяне вельмі ўразіў прылёт іншапланецян з іх перспектыўным спосабам размнажэння і патрасаючая «шатландская дзяўчына» М.МакОйед (Міша Макаед), якая «падмачыла» рэпутацыю аднаму іншапланецяніну (Сяргей Федарына).

Альхоўка мае шмат традыцый. Адна з іх — ушанаванне тых, хто шмат гадоў з'яўляецца ўдзельнікам летніка. Таму тут створана свая акадэмія — элітарны клуб, члены якога шэсць і болын разоў эфектыўна пабывалі ў Альхоўцы. У гэтым годзе акадэмію папоўнілі яшчэ пяць членаў: Вольга Званцова, Ніна Кошаль, Ігар Макатун, Ганна Гадлеўская, Уладзімір Саладуха. Акрамя таго, былі ўручаны ганаровыя медалі «5 разоў у Альхоўцы» (Аляксандр Журба) і «10 разоў у Альхоўцы» (Валерыя Такарская, Аліна Шалудзякова, Леанід Апанасевіч). Асаблівая падзяка дырэктару Альхоўскага «манетнага двара» Вользе Лебядзінскай, а таксама Алене Уладзіміраўне Осіпавой — педагогу-мастаку СШ №68 г. Гомеля, за цудоўныя медалі, выкананыя ў арыгінальным мастацкім стылі.

Апошняе каманднае выпрабаванне — плабут (ад слоў «пластыкавая бутэлька»). Незабыўнае ўражанне на ўсё жыццё, бо на працягу 10—15 хвілін удзельнік паспявае прабегчы па зямлі, «праляцець» на карабінах па паветры, абвешаны бутэлькамі з вадой, і праплыць да лодкі па вадзе, пастраляць з пнеўматычнай вінтоўкі. Сярод бывалых альхоўцаў існуе думка: «Хто не пабываў хоць раз на плабуце, не можа лічыцца сапраўдным альхоўцам!» I гэта сапраўды так. Бо за такі кароткі час трэба сабраць усе свае сілы і волю ў кулак, максімальна мабілізавацца, бо інакш не пераможаш. Усё гэта ў поўнай ступені ўдалося ўсё той жа камандзе «Птушаняткі», якая, дарэчы, праходзіла свой этап пад праліўным дажджом. Брава, дэбютанты, так трымаць!

Асаблівыя словы ўдзячнасці бываламу альхоўцу Анатолю Аўсейчыку за прафесійную падрыхтоўку двух спартыўных выпрабаванняў: «плабута» і начнога арыентавання. Гэта сапраўдны асілак, аўтарытэт якога ў летніку бясспрэчны.

У апошні вечар праводзіцца «Альфі-2003». Гэта своеасаблівы «Оскар» Альхоўкі, на якім вызначаюцца пераможцы ў вельмі арыгінальных намінацыях. Намінацыі і пераможцы гэтага года:

1. «Хапае на лёце» — Сяргей Федарына.

2. «Жахлівец Альхоўкі» — Уладзімір Саладуха.

З. «Гігант думкі» — Мікалай Запрудскі.

4. «На сваёй хвалі» — Міхаіл Макаед.

5. «Толькі быў і раптам знік» — Аляксандр Журба.

6. «Проста зорка» — Ганна Гадлеўская.

Вядзецца ў Альхоўцы і «Кніга рэкордаў», якая па цікавасці і арыгінальнасці нічым не саступае знакамітай «Кнізе рэкордаў Гінеса». З рэкордаў гэтага года хацелася б вызначыць наступныя:

1. Самы цяжкагрузны заезд: на аўтамабілі «Опель-Кадзет» адначасова ехала 10 чалавек агульнай масай 750 кг. Вадзіцель Юрый Клімовіч.

2. Самы дакладны і хуткі стралок на плабуце — Ірына Катлова.

3. Самае доўгае бервяно, якое прынесена да вогнішча — Аляксандр Сугакевіч.

Завяршалі культурную праграму летніка канцэрт першагодкаў і свята Купалле. Вядучы канцэрта — узыходзячая зорка беларускага гутарковага жанру з Белавежскай пушчы Міша Макаед зможа развесяліць нават царэўну-несмеяну. Вядучая Купалля Галіна Унуковіч.

Скачкі праз вогнішча і пошукі папараць-кветкі ў купальскую ноч былі дастойным завяршэннем летніка. I хоць папараць-кветку змаглі адшукаць не ўсе, але ад імя ўсіх першагодкаў магу ўпэўнена сказаць: «Для нас сапраўдная папараць-кветка — гэта сама Альхоўка і ўсе тыя, хто на працягу столькіх гадоў быў разам з ёю. I мы яе змаглі адшукаць. Велізарнае ўсім за гэта дзякуй!»

Словы падзякі за пастаянную падтрымку летніка хацелася б выказаць дырэктару Альхоўскай СІП Я.У.Чабатарову, загадчыцы Астравецкага РАА Л.У.Янкоўскай, выдавецтву «Сэр-Внт», асацыяцыі «Конкурс» і асабіста Г.У.Няхаю, мецэнату з Гановера спадару Клаусу.

У завяршэнне хочацца зрабіць выснову: павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, калі спалучаюцца вельмі сур’ёзная і змястоўная праца і адпачынак педагогаў — вельмі перспектыўная мадэль курсаў.

Да пабачэння Альхоўка-2003, прывітанне Альхоўка-2004!!!

* * *

Наступны летнік адбудзецца праз год. Яго тэма «Аўтарскія дыдактычныя сістэмы».

Выложил alsak
Опубликовано 09.07.08
Просмотров 4826
Рубрика Ольховка (курсы)
Тема Без тем
Комментарии

Комментарии (0)

Оставить комментарий

Пожалуйста, войдите, чтобы комментировать.

Последние комментарии

Sergey Kozhinin

10. апреля, 2018 |

Задача №4. По условию стыковка должна произойти "без дополнительной...

Сакович

14. сентября, 2016 |

Этот вопрос надо задавать не мне, а авторам статьи. Их данные можно...

Где взять?

14. сентября, 2016 |

Напишите пожалуйста, где взять такую базу?