Педагагічнае братэрства ў Альхоўцы

Педагагічнае братэрства ў Альхоўцы //Настаўніцкая газета - 23 ліпеня 2016 года.

Тэма дваццаць сёмага традыцыйнага летніка настаўнікаў фізікі ў Альхоўцы гучала так: "Сучасныя сродкі і метады ацэнкі якасці адукацыі вучняў". Праходзілі навучанне на курсах М.І.Запрудскага амаль 50 педагогаў, сярод якіх былі настаўнікі і іншых прадметаў: пачатковых класаў, гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, матэматыкі, інфарматыкі, хімм і біялогм. Паважаныя чытачы, мы спадзяёмся, што вам цікава будзе пачытаць меркаванні і ўражані "няфізікаў".

image001

Уражанні настаўніка беларускай мовы

Як філолаг трапіў да фізікаў? Выпадкова? Не. Усё пачалося з навучання на курсах па актыўнай ацэнцы, на якіх я пазнаёміўся з настаўнікамі гэтага прадмета. Першае падарожжа ў летнік доўжылася цэлыя суткі, а другое — толькі паўтары гадзіны. І тут фізіка дапамагла мовазнаўцу і ў прамым, і ў пераносным сэнсе скараціць дарогу да краіны Педагогікі, Творчасці, Супрацоўніцтва.

Адкрываю свет нанова. “Сябе нанова адкрываю”. Гэтымі перафразаванымі радкамі Алы Канапелькі і Яўгеніі Янішчыц хочацца працягнуць размову. 27-я змена ў летніку была прысвечана вывучэнню ключавых кампетэнцый, якія неабходны кожнаму ў штодзённым жыцці, і спосабам іх фарміравання і ацэнкі ў вучняў. Вось гэтую навуку я спасцігаў на працягу тыдня.

“Загавары, каб я цябе ўбачыў”, — казалі старажытныя грэкі. Як прыемна было штохвілінна не толькі чуць, але і бачыць свайго суразмоўцу, які нават пра фізічныя, хімічныя, матэматычныя, біялагічныя з’явы расказвае на цудоўнай беларускай мове і вырастае ў цябе на вачах. Мала яшчэ гучыць беларуская мова ў штодзённых зносінах беларусаў, але толькі не сярод удзельнікаў летніка.
Ведан не такой з’явы, як беларускі фальклор, правяралі падчас Купалля. Клопатаў хапіла і фізікам, і лірыкам. Але гарэла купальскае вогнішча, цвіла папараць-кветка для кожнага, хто ноччу адважыўся сустрэцца не толькі з Купалінкай і Купалішам, але і з Лесуном, Вадзяніцамі, Чортам, якія спынялі падарожнікаў са сваімі заданнямі на дарозе да запаветнага агеньчыка папараці. І плылі купальскія вянкі па рацэ Страча, і карагодзілі альхоўцы ў падыспані і ойры, і загадвалі жаданні, уздымаючыся над агнём купальскага кастра разам са знойдзенай кветкай папараці.

Цікавым і змястоўным быў факультатыў па камп’ютарнай грамаце, што праводзіў Анатоль Аўсейчык з Гродзенскага раёна. Там кожны ўдзельнік змог убачыць, як ствараецца слайд-шоу са здымкаў “Альхоўка- 2016” у праграме “ФоташоуPRO”, кожны атрымаў адказы на свае пытанні. Я змог зрабіць сабе падобнае слайд-шоу і зараз гляджу нашу першую сустэчу ў 2015 годзе пад музыку вядомай песні Алега Міцяева. Думаю, што хутка я змагу стварыць і другі аналагічны праект, каб удасканальваць сваю камп’ютарную кампетэнтнасць падчас работы з сэрвісамі WEB 2.0.

Шчасце — нідзе не спыняцца ўдарозе,
Спынішся — плынню адгоніць назад.

Радкамі з верша С.Грахоўскага хочацца пачаць развагі пра здольнасць суб’екта да самаразвіцця і самаўдасканалення шляхам усвядомленага і актыўнага набыцця новага сацыяльнага вопыту. У імклівым віры інфармацыйнага свету адкрываецца вялікая колькасць шляхоў да самаўдасканалення. І вельмі важна не заблытацца на звілістай дарозе да новых ведаў. Летнік у Альхоўцы якраз стаў для мяне гэтым маяком, які накіроўвае, будзем спадзявацца, не толькі мяне, але і маіх аднадумцаў, да спасціжэння вызначаных кампетэнцый. Бо кожны год альхоўскае братэрства збірае апантаных настаўнікаў для творчасці і суп- рацоўніцтва.

І свяціла сонейка, і ішоў дождж. Але работа кіпела ў кожнага, хто звязаў свой лёс з Альхоўкай на гэты тыдзень сустрэчы са старымі сябрамі і новымі знаёмымі ды адкрыццямі. Адкрыццямі традыцыйных і новых метадаў, сродкаў ацэнкі якасці адукацыі. Кожны з удзельнікаў не раз будзе захапляцца талентам Мікалая Запрудскага, метадычнай дасведчанасцю нашых кансультантаў — настаўнікаў-метадыстаў Галіны Сухавай, Алены Ананчыкавай і Элы Якубоўскай. А я разам з іншымі ўдзельнікамі ў захапленні ад размоў па-беларуску з кожным у летніку, хто нават у непагадзь напяваў:

Я так даўно марыў бачыць гэты дождж,
Што пральецца ў ясны дзень.

Дождж ішоў як з’ява, што вывучаецца географамі, фізікамі, а праліўся ў пераносным сэнсе, пра які ведаюць філолагі, кроплямі цікавасці і зацікаўленасці, новых ведаў і новых планаў, кроплямі шчырых размоў, слязінкамі пры развітанні з Альхоўкай-2016.

image002

Уражанні настаўніка бiялогіі

У канцы навучальнага года з нецярпеннем чакаю анонс Альхоўкі на сайце АПА або на www.nastaunik.info, дасылаю заяўку і з заміраннем сэрца чакаю: запросяць ці адмовяць. І вось яно — запрашэнне! Вырастаюць крылы! Лячу насустрач новым ведам, ідэям, чаканням, знаёмствам, а таксама на сустрэчу з альхоўскімі сябрамі. Дарэчы, людзей, з якімі пазнаёміўся ў Альхоўцы, з якімі правёў некалькі летнікаў разам, сапраўды можна назваць сябрамі.

Чаму мяне, настаўніка біялогіі, так вабіць летнік фізікаў і так хочацца там апынуцца яшчэ і яшчэ раз?

Па-першае, нестандартныя ўмовы і формы правядзення курсаў. Жыццё ў палатачным лагеры на жывапісным беразе Страчы, а заняткі ў Альхоўскай школе або ў “зялёным класе” на паляне палатачнага лагера. Да 15-16 гадзін — заняткі, якія пралятаюць непрыметна, бо ўсё цікава і карысна, а пасля — падрыхтоўка да традыцыйных мерапрыемстваў: Кацільёна (балю пры свечках), Купалля, Акадэміі, канцэрта першагодак і гд. Нават арганізоўваецца паходная лазня на беразе Страчы, за якую адказны настаўнік фізікі з Жодзіна Аляксандр Якубоўскі. Карацей кажучы, жыццё ў летніку насычанае і часу сумаваць няма.

Па-другое, творчая атмасфера, якая ствараецца цікавымі, апантанымі педагогамі. Як кажа Мікалай Іванавіч Запрудскі, выпадковых людзей тут не бывае. Сюды злятаюцца з розных куткоў нашай краіны не толькі фізікі, але і матэматыкі, філолагі, біёлагі, хімікі. Дзякуючы таму, што думкі і дзеянні прысутных маюць аднолькавы напрамак, ствараецца сінергетычны эфект. Узнікае моцны зарад пазітыву, які назапашваецца на ўвесь наступны навучальны год.

Тэмы курсаў, якія праводзяцца ў летніку, заўсёды актуальныя, таму яны так вабяць настаўнікаў. Для мяне асабіста папярэднія курсы сталі штуршком да вывучэння стратэгіі актыўнай ацэнкі, паглыблення ў медыяадукацыю. У гэтым годзе кампетэнтнасны падыход і ацэнку якасці адукацыйнага працэсу кожны праламляў праз свой прадмет. Няма розніцы паміж урокамі ў Альхоўцы фізікі, біялогіі або іншых прадметаў у плане пастаноўкі вучэбных мэт, крытэрыяў ацэнкі, распрацоўкі і прымянення кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў для развіцця ў вучняў ключавых кампетэнцый. Дзякуючы рабоце настаўнікаў у групах па прадметным прынцыпе, назбіралася шмат ідэй, якія былі пакладзены ў агульную скарбонку. Кожны настаўнік меў магчымасць працаваць з гэтымі ідэямі.

Французскі пісьменнік Антуан дэ Рывароль казаў: “Ідэя — гэта капіталы, якія прыносяць дывідэнты толькі ў руках талента”. А ў Альхоўцы што ні педагог, то талент. Напрыклад, ідэю аб супрацоўніцтве паміж фізікамі і біёлагамі падкінуў настаўнік з Магілёва Аляксандр Плятнёў, які з’яўляецца адным з арганізатараў Магілёўскага фестывалю навукі. Дарэчы, гэты фестываль ужо мае міжнародны статус. Разам з вучнямі можна прыняць удзел у конкурсе прэзентацый “Навука і яе творцы”, творчых работ “Я малюю навуку”, навукова-даследчых работ “Гульні розуму”.

Ідэю аб правядзенні чарговага пасяджэння раённага метадычнага фарміравання настаўнікаў біялогіі і хіміі, кіраўніком якога я з’яўляюся, падказаў настаўнік фізікі з Адэльскай школы Анатоль Аўсейчык. Дарэчы, ён мае за плячыма 27 катэгарыйных паходаў, якія ажыццявіў разам са сваімі вучнямі. Ён праводзіць экскурсіі і для ўдзельнікаў летніка. На гэты раз мы пабывалі ў Гервятах, у нацыянальным парку “Нарачанскі”, на “Блакітных азёрах”. Кожны год наша метадычнае фарміраванне праводзіць выязное пасяджэнне ў ахоўных мясцінах нашага раёна, вобласці. Мы ўжо пабывалі ў Ельні, Бярэзінскім запаведніку і цяпер пракладзём новы маршрут па экалагічнай сцежцы “Блакітных азёр”.

Па прыездзе з Альхоўкі хочацца зрабіць сваім жыццёвым і прафесійным дэвізам словы У.Караткевіча з яго твора “Ладдзя Роспачы”: “Рабі нечаканае, рабі, як ніхто, і тады пераможаш”.

Уражанні настаўніка хіміі

Лета бяжыць хутка: дзень — ноч, глядзіш — і тыдзень праляцеў. Шкада... Але мне ўдвая шкада, што ўжо скончыўся тыдзень з 4 па 9 ліпеня, які давялося правесці ў летніку каля вёскі Альхоўка Астравецкага раёна на беразе няспешнай ракі Страча. Чаму шкада? Ды таму, што гэта быў не проста летнік у прыгожым куточку амаль некранутай прыроды, але і вельмі цікавы педагагічны праект пад кіраўніцтвам Мікалая Іванавіча Запрудскага, прафесара кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Трапіў я ў Альхоўку амаль што выпадкова (калі дапусціць наяўнасць выпадковасцей у жыцці), бо курсы ў летніку ў першую чаргу разлічаны на фізікаў. Займаючыся на дыстанцыйных курсах “Медыяадукацыя ў школе”, убачыў аб’яву пра курсы, зацікавіўся, прагледзеў дадатковую інфармацыю, водзывы і вырашыў абавязкова выслаць заяўку, у адказ на якую атрымаў запрашэнне.
Першыя гадзіны ў летніку нічым не здзівілі: ну, летнік, палатку паставіў, рэчы расклаў. Здзіўленне прыйшло крыху пазней, на першым коле, калі ўсе ўдзельнікі і арганізатары, стварыўшы “жывое” кола, гаварылі пра сябе, выказвалі свае спадзяванні наконт летніка. Тады прыйшло разуменне, што я — сярод апантаных людзей з усёй нашай краіны, якія неабыякава ставяцца да сваёй працы, жадаюць, каб наша педагогіка сапраўды ішла наперад нароўні з сусветнай практыкай.

А потым пачалося... Сказаць, што вольнага часу не было — гэта нічога не сказаць. Шчыльны графік заняткаў па тэме “Сучасныя метады і сродкі ацэнкі якасці адукацыі вучняў” складаўся не толькі з лекцый М.І.Запрудскага і запрошаных гасцей, але і з абавязковых практычных заняткаў па групах, на якіх праслуханы тэарэтычны матэрыял трэба было практычна прымяніць пры выкананні кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў. Па асобных тэмах праводзіліся факультатывы для зацікаўленых. Заняткі ў большасці праходзілі ў школе Альхоўкі, да якой ад летніка было хвілін 15-20 хады праз прыгожы сасновы лес, і доўжыліся гадзін да 16. А пасля вячэры... Пасля вячэры пачыналіся пазнавальна-забаўляльныя праекты, большая частка з якіх склалася “гістарычна” за час існавання Альхоўкі (а гэта 27 гадоў, не жартачкі).

Начное арыентаванне — сапраўды начное, з ліхтарыкамі, па карце, у незнаёмым лесе. Купалле — з вышыванкамі, пошукам папараць-кветкі, скокамі праз вогнішча. Лазня — у палатцы, каля напаленага камення, з духмянымі венікамі. Кацільён — незабыўны баль у лепшых традыцыях ХІХ стагоддзя. Канцэрт першагодак — на ім тыя, хто трапіў у летнік першы раз, паказвалі свае таленты.

Уласны час пачынаўся ў палатцы пасля першай гадзіны ночы і непрыметна пераходзіў у новы дзень са снеданнем, лекцыямі, абедам, практыкай. Тыдзень праляцеў непрыметна, прыйшоў час “развітальнага” кола. Нам выдалі пасведчанні аб заканчэнні курсаў, спецыяльныя дыпломы, якія можна атрымаць толькі ў Альхоўцы, але не гэта было асноўным у апошні вечар. Галоўнай падзеяй былі выказванні людзей, поплеч з якімі вучыўся і працаваў гэты тыдзень, — яны натхнялі, гаварылі пра тое, што было сугучна з маімі думкамі, прымушалі задумацца над тым, што абышоў увагай.

Увогуле, акрамя фізікаў, у летніку было многа настаўнікаў іншых дысцыплін: хімікі, біёлагі, гісторыкі, філолагі, нават настаўнік пачатковых класаў. Былі і намеснікі дырэктара. Гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што праект натуральным чынам вырастае з монапрадметнага і паступова становіцца поліпрадметным. Такое пашырэнне “аўдыторыі”, зразумела, пойдзе толькі на карысць як праекту, так і яго ўдзельнікам, бо веды і вопыт — гэта адзін з галоўных набыткаў у жыцці.

Такім чынам, навучанне ў летніку было для нас не толькі цікавым, але і вельмі карысным. У завяршэнне курсаў кожны гаварыў пра тое, што ён з атрыманымі ведамі і ўменнямі будзе рабіць далей. Так мы вызначалі кірункі нашага далейшага прафесійнага самаразвіцця.

Мікалай Атрахімовіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Варапаеўскай школы Пастаўскага раёна;
Вольга Жыткая, настаўніца біялогіі Ушацкай школы;
Юрый Тарасевіч, настаўнік хіміі Заслаўскай гімназіі.
Фота Анатоля Аўсейчыка.

Выложил Сакович
Опубликовано 11.08.16
Просмотров 2373
Рубрика Ольховка (курсы)
Тема Без тем
Комментарии

Комментарии (0)

Оставить комментарий

Пожалуйста, войдите, чтобы комментировать.

Последние комментарии

Sergey Kozhinin

10. апреля, 2018 |

Задача №4. По условию стыковка должна произойти "без дополнительной...

Сакович

14. сентября, 2016 |

Этот вопрос надо задавать не мне, а авторам статьи. Их данные можно...

Где взять?

14. сентября, 2016 |

Напишите пожалуйста, где взять такую базу?